Обычная версия
Шрифт -
Шрифт +
Настройки по умолчанию

О НАС ПИШУТ СМИ

У любой справе, асабліва калі гэта тычыцца сельскагаспадарчай вытворчасці, канчатковы вынік «завязаны» на не адным дзясятку людзей… Ды і, па вялікім рахунку, поспех залежыць не толькі ад чалавечага фактару, але і ад іншых складнікаў. Хоць у лідарах раённай жывёлагадоўлі даўно і трывала замацаваліся гудагайскія і гервяцкія працаўнікі, у іншых гаспадарках людзі працуюць не горш і не менш плённа. 

Упэўнілася ў гэтым, назіраючы за хуткімі зладжанымі рухамі аператараў машыннага даення малочна-таварнага комплексу «Маркуны» КСУП «Міхалішкі» Ганны Янушэўскай, Надзеі Пазлевіч і спрытнасцю лабаранта Марыны Трыбоцкай. Працавітыя, загартаваныя, непатрабавальныя, як і большасць вясковых працаўнікоў, жанчыны расказалі пра сябе, работу і мары. 



«Ласі» прывялі на комплекс

Аператар машыннага даення Ганна Янушэўская прывыкла працаваць і не наракаць на лёс. Яна ведае: галоўнае захацець – і ісці да гэтай мэты праз усе «не магу» і «не хачу». 

– Пасля пакупкі доміка ў Сароччы пайшла працаваць на малочна-таварную ферму «Ласі»: да гэтага была на гас­падарцы, потым усю жывёлу збыла і ўладкавалася ў калгас, – пачынае аповед Ганна Раманаўна. – Да працы звыклая з маленства. Нарадзілася ў Буд­ранах. Мама была даяркай, а тата вартаўніком на ферме ў Трашчанах – ад яе ўжо і знаку не засталося. 

Жанчына ўспамінае, што ў дзяцінстве часта не ставала часу на ўрокі – са старэйшымі прападалі на ферме. Ды і бацькам за працай і хатнімі клопатамі не было калі правяраць іх у шасці сыноў і дачок. 

– Вучылася ў Спондаўскай сярэдняй школе. Марыла стаць прадаўцом – але, відаць, не лёс. У 1995 годзе выйшла замуж, нарадзіла дачушку, – коратка і сціпла раскрывае сваю біяграфію жанчына. – Сняжана ў мяне ўжо самастойная: працуе ў рымдзюнскім фельчарска-акушэрскім пункце. Прыязджае да мяне, калі выпадае вольная хвіліна. 

Пяць гадоў Ганна Янушэўская адпрацавала на малочна-таварнай ферме ў Ласях. Пасля яе закрыцця ў 2019 годзе лю­дзей перавялі на МТК «Маркуны». 

– Тут мне больш падабаецца. Мы толькі доім: самае галоўнае – добра вымя апрацаваць да і пасля. На ферме і цялят даглядалі, і кармы падсувалі, і канцэнтраты каровам раздавалі, хоць лічыліся толькі даяркамі. Напэўна, нездарма ў свой час рашылі будаваць такія малочныя гіганты – за комплексамі будучыня. Галоўнае, каб кармы былі добрымі – тады і малако будзе, – разважае жанчына. 

Даяркі ў Маркунах працуюць пазменна: іх прывозяць ці на ранішнюю, ці на вячэрнюю дойку. 

– Сёння працуем у першую змену: на комплекс нас прывезлі каля 5 гадзін. Пасля 16.00 буду дома. Другая змена пачынаецца каля 17.00 і заканчваецца апоўначы, – расказвае даярка пра распарадак дня. 

Ганну Янушэўскую засмучае, што вёска пакрысе дажывае свой век. У Сароччы жылымі засталіся толькі каля 10-ці хат. 

– Як і ў кожнага чалавека, у мяне бывае дрэнны настрой, калі нічога не хочацца, – прызнаецца жанчын. – Тады наводжу парадкі, нават калі напярэдадні вымыла падлогу і выцерла пыл. Пачысцее дома – пасвятлее на душы. Хачу дачакацца ўнукаў, – пасля працяглага роздуму адказала на маё пытанне пра мары Ганна Янушэўская. 

Мадонна з характарам

У жыцці варта разлічваць толькі на сябе, лічыць лабарант КСУП «Міхалішкі» Марына Трыбоцкая. 

Вясковая мадонна з іскрын­камі ў вачах – першая асацыяцыя, якая ўзнікла пры знаёмстве з лабарантам комплексу.

– Родам я з Кісялёў. Вучылася ў Спондаўскай сярэдняй школе. У гаспадарцы працую з 2013 года. Светлая памяць былы старшыня «Міхалішак» Аляксандр Іванавіч Чаплінскі выдзеліў ад калгаса жыллё ў Страчанцы, куды я пераехала з дзвюма дачушкамі і бабуляй, – прыгадвае Марына Трыбоцкая. – Бабуля для мяне была ўсім: мяне выгадвала і Эвеліну з Карынай падгадаваць дапамагла. Мінула 4 гады, як яе не стала. 

Марына Трыбоцкая адказвае за пярвічную праверку якасці малака ва ўсёй міхалішкаўскай гаспадарцы. 

– Пробы адбіраю з малочна-таварных ферм «Страчанка», «Страча», «Супраненты», «Міхалішкі» і комплекса «Маркуны». У лабараторыі МТК правяраю іх на ўзровень тлушчу, утрыманне бялку, шчыльнасць і саматыку. Найлепшае па якасці малако – ў «Міхалішках» і «Страчы». Нават гатункам экст­ра здаюць, – расказвае пра сваю работу лабарант. – Прычын шмат. Галоўнае, канешне, – гэта строгае прытрымліванне тэхналогіі падчас даення. А яшчэ своечасовае выяўленне і лячэнне хворых кароў. Здаровая рагуля дасць добрае малако. Па дагаворы ў нас працуе ветурач з РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» Юзэф Станіслававіч Міхновіч – лічу, што ў гэтым ёсць і яго заслуга. 

Марына прызнаецца, што ў яе няпросты характар. Калі нешта не падабаецца, яна пра гэта адразу ж  скажа чалавеку.

– Ніколі не змагу зразумець людской подласці і крывадушша: калі ў вочы адно, за спінай – іншае. Старэйшая дачка ў мяне характарам пайшла. А Карына больш спакойная, прытульная, – працягвае Марына. – Лічу, што і на вёсцы можна жыць. Я і касіць, і дровы шчапаць умею, і цвік забіць магу. Дочкі растуць разумнымі, праўда, уседлівасці ім крыху не памяшала б. Шчасце залежыць не ад таго, дзе ты жывеш, а як. Галоўнае – быць Чалавекам.



Хто не рызыкуе – той не п’е малака

Думка пра тое, што мы жывём, як нам зручна, – не новая. Адпрацаваўшы больш за 20 гадоў на адным месцы, упэўнена, далёка не кожны чалавек надумае змяніць сферу дзейнасці… А Надзея Пазлевіч з вёскі Заборцы змагла – і не шкадуе. 

– Даяркай у Маркунах працую крыху больш за год. Да гэтага 22 гады на кардоннай фарбрыцы ў Альхоўцы была з’ёмшчыкам-каладроўшчыкам. Зарплата невя­лікая – давялося шукаць іншую работу: так трапіла на малочна-таварны комплекс, – расказвае Надзея Міхайлаўна пра сваю дарогу ў жывёлагадоўлю. 

Жанчына родам з Ясеня. Сям’я была на 13 душ: бацька, маці, бабуля і 10 дзяцей. 

– Жылі ў звычайнай вясковай хаце. У пакоях стаялі палаці – нешта накшталт сучасных двух’­ярусных ложкаў. Былі дружнымі. Бацькі працавалі ў Падольцах на ферме: мама даяркай была, тата – пастухом. У кожнага з дзяцей быў свой абавязак: я, напрыклад, замест маці хадзіла на ферму, а яны з бабуляй ежу гатавалі, – успамінае Надзея Пазлевіч. – Восем кароў трымалі, а кабанчыкаў – не злічыць! Сям’я вялікая… З дзяцінства засвоіла, як «Ойча наш», бацькоўскі наказ: не хочаш галадаць – трэба працаваць.

Вучыцца пасля школы не выпадала... 

– Бабуля прыгожа вязала прут­камі і кручком, умела на машынцы шыць. Зімовымі вечарамі, калі спраў было менш, займаліся рукадзеллем: з непрытоеным за­хапленнем назірала, як яна з нітак рабіла прыгожыя рэчы, – працягвае Надзея Паз­левіч. – Я хацела стаць швачкай – не атрымалася. Выйшла за­муж, нарадзіла трох дзяцей, пра­цавала на фабрыцы.

Душой Надзея Пазлевіч адпачывае ў лесе, ды і за сезон на грыбах і ягадах можна добра падзарабіць, калі не ленавацца. А яшчэ жанчына знайшла аддушыну ў кветках: любіць павазіцца з вазонамі ў вольную хвіліну. 

– Як і любую жанчыну, шчас­лівай мяне робяць дзеці, другая палавіна. Нават, каб была магчымасць нешта змяніць, пакінула б усё, як і ёсць. Галоўнае – здароўе блізкіх і любімых людзей, – напрыканцы нашай гутаркі адзначыла Надзея Пазлевіч. 


Количество просмотров: Счетчик посещений Counter.CO.KZ - бесплатный счетчик на любой вкус!


Вернуться в раздел О НАС ПИШУТ СМИ

Смотрите "ПРЯМАЯ ТРАНСЛЯЦИЯ

Послание Лукашенко народу и парламенту!"
https://youtu.be/q8WPjKJdZeQ

Курсы валют

http://

Островетчина туристическая

Беларусь- официальный сайт РБ

ГОСТЯМ-ТУРИЗМ И ОТДЫХ

Вам здесь помогут

Содействие занятости населения

наши победы

ОО "БРСМ"

Сельский сход прошел в агрогородке Михалишки 15:11 / 19.07....
Открыть раздел 2019 год
Единый день информирования 2023 годЕдиный день информирования населения Во исполнение Указа Президента Республики Беларусь от 16 июня 2003 г....

Открыть раздел Единый день информирования 2023 год
The LineAct Platform